Масавае забойства ў Хюэ
Масавае забойства ў Хюэ — масавае забойства жыхароў горада Хюэ вайскоўцамі паўночнав’етнамскай арміі і Нацыянальнага Фронту вызвалення Паўднёвага В’етнама ў 1968 годзе падчас В’етнамскай вайны.
Гэтыя падзеі ніяк не каментуецца сучаснымі в’етнамскімі ўладамі. Некаторыя крытыкі вайны ў В’етнаме вылучалі гіпотэзы пра тое, што ў рэчаіснасці асноўная частка забітых была ахвярамі амерыканскіх артабстрэлаў, і прыпісванне адказнасці за іх гібель сілам камуністаў было толькі прапагандысцкім ходам. Аднак і гэтыя крытыкі прызнаюць сам факт расстрэлаў, падвяргаючы сумневу толькі сапраўдную колькасць ахвяр[1].
Перадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]30—31 студзеня 1968 года ў Паўднёвым В’етнаме пачалося першае шырокамаштабнае наступленне камуністычных сіл, вядомае як Тэцкае наступленне. Адной з найважнейшых мэтаў аперацыі быў горад Хюэ, які меў вялікае гістарычнае і псіхалагічнае значэнне (у XIX стагоддзі ён быў сталіцай краіны). На той момант у горадзе знаходзіліся толькі нязначныя сілы паўднёвав’етнамскай арміі і адсутнічалі якія-небудзь амерыканскія баявыя падраздзяленні, што спрашчала яго захоп; акрамя таго, паўднёвав’етнамцы не чакалі, што праціўнік атакуе ў разгар Тэта — найважнейшага нацыянальнага в’етнамскага свята, на час якога варагуючыя бакі традыцыйна заключалі перамір’е. На Тэт 1968 года НФВПВ, як звычайна, абвясціў аб аднабаковым перамір’і, аднак раніцай 31 студзеня горад падпаў пад артылерыйскі і мінамётны абстрэл, пасля якога ў яго ўвайшлі два ўзмоцненых палка паўночнав’етнамскай арміі.
Да зыходу першага дня Тэцкага наступлення Хюэ практычна цалкам кантраляваўся сіламі камуністаў, што стала для іх значнай прапагандысцкай перамогай. Па-за іх кантролю заставаліся толькі штаб 1-й пяхотнай дывізіі Паўднёвага В’етнама і база камандавання па аказанні ваеннай дапамогі В’етнаму, захапіць якія так і не ўдалося. У горад пачалі прыбываць падраздзяленні УСПВ і амерыканскай марской пяхоты. На працягу наступных двух з паловай тыдняў Хюэ быў арэнай адной з самых разлютаваных бітваў вайны.
Забойства
[правіць | правіць зыходнік]Пасля пераходу Хюэ пад кантроль часовай адміністрацыі НФВПВ тут пачаліся арышты паўночнав’етнамскіх чыноўнікаў, рэлігійных дзеячаў, паліцэйскіх, вайскоўцаў і замежнікаў. Арышты ажыццяўляліся па спісах, загадзя складзеных мясцовымі пвдпольшчыкамі. Некаторых арыштаваных расстрэльвалі на месцы, іншыя адпраўляліся за межы горада да высвятлення ступені іх супрацоўніцтва з урадам Паўднёвага В’етнама. У залежнасці ад сваіх пасад і «віны перад народам В’етнама» яны падлягалі альбо расстрэлу, альбо перавыхаванню.
Аднак адміністрацыя НФВПВ не здолела выканаць свае доўгачасовыя планы з-за ціску, які аказвалі ўзброеныя сілы ЗША і Паўднёвага В’етнама. У ходзе надзвычайна зацятых баёў яны паступова, дом за домам і квартал за кварталам, аднаўлялі кантроль над горадам. Нягледзячы на адчайны супраціў паўночнав’етнамскай арміі, да канца лютага яна ўтрымлівала ў сваіх руках толькі асобныя раёны Хюэ. У пачатку сакавіка горад быў абвешчаны вызваленым ад камуністычных сіл. Да гэтага часу амерыканскія і паўднёвав’етнамскія салдаты ўжо выяўлялі масавыя пахаванні мясцовых жыхароў. Такія пахаванні выяўляліся яшчэ доўгі час пасля Тэцкага наступлення, частка з іх была за межамі горада. Некаторыя забітыя ў магілах былі звязаны або са слядамі катаванняў; паведамлялася, што некаторыя людзі меркавана былі пахаваны жыўцом.
Наступствы
[правіць | правіць зыходнік]Дакладная колькасць ахвяр разні ў Хюэ застаецца невядомай. Некаторыя аўтары сцвярджалі, што сама разня была разадзьмута паўднёвав’етнамскім урадам у мэтах прапаганды, а большасць загінулых мірных жыхароў сталі ахвярамі амерыканскіх артылерыйскіх абстрэлаў і авіяцыйных налётаў. Зрэшты, і гэтыя аўтары не адмаўляюць факту асобных распраў, якія праводзіліся НФВПВ, ставячы пад сумнеў толькі іх размах. Такім чынам, па самых мінімальных ацэнках ахвярамі разні сталі каля 200 чалавек. Існуюць і значна вялікія ацэнкі. Усяго ў масавых пахаваннях у Хюэ і яго ваколіцах было знойдзена каля 2800 чалавек.
Некалькі амерыканскіх аўтараў (у прыватнасці, Гюнтэр Леві ў кнізе «Амерыка ў В’етнаме») спасылаліся на трафейны в’етнамскі дакумент, дзе гаварылася, што ў Хюэ былі знішчаны 2700 чыноўнікаў, паліцэйскіх і «дэспатаў». У двух афіцыйных в’етнамскіх даследаваннях баявых дзеянняў у правінцыі Тхыатхіен прызнаецца факт масавых забойстваў, хоць адно з гэтых даследаванняў («Тэатр ваенных дзеянняў Чытхіен-Хюэ падчас пераможнай вайны супраціву супраць амерыканцаў і за выратаванне нацыі») сцвярджае, што забойствы ажыццяўляліся мясцовым грамадзянскім насельніцтвам, якое ўзяло ў рукі зброю і прынялося знішчаць «рэакцыянераў», «здраднікаў» і «варожых сакрэтных агентаў»[2].
Разня ў Хюэ, нягледзячы на асобныя спробы паўднёвав’етнамскага ўрада выкарыстоўваць яе ў ваеннай прапагандзе, доўгі час заставаўся малавядомай падзеяй В’етнамскай вайны. Яна да гэтага часу застаецца дрэнна вывучанай тэмай; невялікая колькасць публікацый аб падзеях 1968 году з’явілася ў асноўным у ходзе вайны або адразу пасля яе завяршэння. Характэрна, што па часе гэтая трагедыя амаль супала з масавым забойствам мірных жыхароў у вёсцы Мілаі (абшчына Сангмі), самым вядомым ваенным злачынствам ЗША падчас В’етнамскай вайны.
Былы генерал паўночнав’етнамскай арміі Нгуен Ван Тху, які ўдзельнічаў у бітве за Хюэ, пасля называў гэтыя дзеянні нармальнымі для ваеннага часу і ў якасці апраўдання спасылаўся на арышты і забойствы праціўнікам падазраваных у супрацоўніцтве з сіламі Паўночнага В’етнама[3].
Зноскі
- ↑ Gareth Porter, «The 1968 Hue Massacre», Part One.
- ↑ James Willbanks. Tet — What Really Happened at Hue. // Vietnam Magazine, February 2011.
- ↑ M. Sullivan. Recalling the Fear and Surprise of the Tet Offensive